?

Log in

No account? Create an account
entries friends calendar profile Previous Previous Next Next
актуаліі - anatolsidarevic
anatolsidarevic
anatolsidarevic
актуаліі
АДСТУПЛЕННЕ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТАЎ, або ЧАГО БАЯЦЦА Ў НЯМЕЧЧЫНЕ?

Перш чым адказаць на пытанне, вынесенае ў загаловак, нагадаю, што ўчора 18 снежня прыступіў да выканання сваіх абавязкаў новы ўрад Аўстрыйскай Рэспублікі. У выніку выбараў у сёлетнім кастрычніку перамаглі правыя. Народная партыя на чале з 31-гадовым Себасцянам Курцам) заняла 1-е месца, а Партыя свабоды (ультраправыя, яны ж правыя папулісты) на чале з 48-гадовым Хайнцам-Крысціянам Штрахе выйшла на 3-е месца.

31-гадовага С. Курца нельга лічыць новым ці маладым палітыкам. Ён прыйшоў у партыю ў 17 год і праз 8 гадоў стаў дзяржаўным сакратаром у пытаннях інтэграцыі, а яшчэ праз 2 гады – міністрам замежных спраў, самым маладым у Еўропе і ў гісторыі Аўстрыі. Да таго ж у 2017 ён стаў старшынёю Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе. Аўстрыйскія і еўрапейскія праблемы ён ведае добра. І ўкраінскую праблему – таксама, бо ездзіў у так званую зону антытэрарыстычнай аперацыі, пабываў на лініі фронту.

Сёлета ў траўні Курц узначаліў Народную партыю. На выбары кансерватары ішлі пад дэвізам “Спіс Курца – новая Народная партыя”. Курц прыглядаўся не да тых, хто наладжваў шумныя мітынгі і дэманстрацыі ў падтрымку мігрантаў, а да тых, хто маўкліва працаваў і на тыя мітынгі не хадзіў. А такіх людзей было нямала. Іх палохаў наплыў чужаземцаў, якія не заўсёды паводзілі сябе як госці. І не менш палохалі левакі. І Курц, каб перахапіць галасы такіх грамадзян, памяняў тактыку партыі. У адрозненне ад нямецкіх кансерватараў, партыі Ангелы Мэркель, ён заняў больш жорсткую пазіцыю ў міграцыйнай палітыцы. І на выбарах у кастрычніку Народная партыя набрала 31,5 працэнта галасоў – на 7,5 працэнта больш, чым у 2013 г.

Можна сказаць, што Курц перахапіў галасы тых выбаршчыкаў, якія былі гатовыя галасаваць за Партыю свабоды. Але і Партыя свабоды нічога не прайграла. Яна атрымала падтрымку 26 адсоткаў выбаршчыкаў. Гэта на 5,5 працэнта больш, чым у 2013 г.
Такім чынам, правыя і ультраправыя (правыя папулісты) у сумленным змаганні атрымалі падтрымку 57,5 працэнта аўстрыйскіх выбаршчыкаў.

Больш, чым Партыя свабоды, галасоў атрымалі сацыял-дэмакраты. Але не на шмат больш. Іх вынік – 26,9 адсотка. Прырост у параўнанні з 2013 годам – 0,1 працэнта.

Было няцяжка было прадказаць, што ранейшая ўрадавая кааліцыя (Народная партыя і сацыял-дэмакраты) у Аўстрыі распадзецца.

Не будзем гадаць, як будуць развівацца падзеі ў Аўстрыі пасля прыходу да ўлады кабінета Себасцяна Курца. Адзначым толькі што ультраправы Герберт Кікль (Kickl) узначаліў міністэрства ўнутраных спраў, а еўрабюракратам, акрамя Курца, давядзецца мець справу з беспартыйнай міністаркай замежных спраў доктарам Карын Кнайсль (Kneissl), якую ва ўрад рэкамендавала Партыя свабоды. Тым жа, хто хоча стварыць асобную ад НАТО еўрапейскую абаронную структуру, давядзецца гутарыць з ультраправым міністрам абароны Аўстрыі Марыё Кунасэкам (Kunasek).

Цяпер у святле таго, што адбываецца ў Аўстрыі, вернемся да Нямеччыны.

Нагадаю, што ў выніку сёлетніх выбараў кансерватары (Хрысціянска-дэмакратычны саюз Ангелы Мэркель і баварскі Хрысціянска-сацыяльны саюз на чале Хорстам Зэегофэрам) атрымалі 32,9 працэнта галасоў. 12,6 працэнта набрала ультраправая (правапапулісцкая) Альтэрнатыва для Нямеччыны. Пасля перапынку ў Бундэстаг прарвалася Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП), якая атрымала 10,7 адсотка падтрымкі. 8,9 адсотка выбаршчыкаў прагаласавалі за зялёных. Такім чынам, за правых (кансерватараў, ультраправых і лібералаў) выказалася большасць бюргераў. Але кааліцыя хадэкаў і лібералаў з Альтэрнатывай адмяталася з парога. Таму разглядалася магчымасць чорна-жоўта-зялёнага альянсу (колеры ХДС/ХСС, СвДП і зялёных). Аднак перамовы зайшлі ў тупік. Не ў апошні чарод дзеля капрызаў лідэра лібералаў Крысціяна Лінднера.

З увагі на правал кааліцыйных перамоваў і на тое, што сацыял-дэмакраты яшчэ перад выбарамі заявілі аб нежаданні ствараць новую ўрадавую кааліцыю з хадэкамі, Нямеччына паўстала была перад неабходнасцю правесці нечарговыя парламенцкія выбары.

І тут у справу ўмяшаўся федэральны прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер. Ён паклікаў да сябе старшыню Сацыял-дэмакратычнай партыі Марціна Шульца. Вынік перамоваў быў той, што эсдэкі паказалі сябе гаспадарамі свайго слова: далі слова не ўступаць у альянс з хадэкамі і адмовіліся ад свайго слова не ўступаць у альянс з хадэкамі.

Сацыял-дэмакратычны прэзідэнт і лідэр сацыял-дэмакратаў – людзі вопытныя і добра ведаюць настроі нямецкага грамадства. Нечарговыя выбары наўрад ці прывялі б да ўзмацнення пазіцыяў сацыял-дэмакратаў. Нагадаю, што эсдэкі атрымалі на апошніх выбарах 20,5 адсотка галасоў – антырэкорд. Са стратамі завяршылі выбарчую кампанію і хадэкі. І ніхто не гарантуе, што іх рэйтынг на нечарговых выбарах павысіцца. Асабліва ўлічыўшы, што паміж ХДС і баварскім ХСС маюцца рознагалоссі, у прыватнасці ў тым самым міграцыйным пытанні. Не лепшае становішча было б і ў лібералаў, асабліва ўлічыўшы, што гэта яны правалілі кааліцыйныя перамовы.

І хадэкі, і эсдэкі, і лібералы, не кажучы пра Левую партыю і зялёных, выдатна разумеюць, у чые ветразі дзьме вецер. Яны баяцца ўмацавання пазіцыяў Альтэрнатывы для Нямеччыны. Тут трэба ўзяць пад увагу і тое, што ва ўсходніх нямецкіх землях (у былой ГДР) правыя папулісты (ультраправыя) на апошніх выбарах у Бундэстаг набралі 21,9 працэнта галасоў – на 5,7 адсотка менш за хадэкаў і на 8 адсоткаў больш за эсдэкаў. Сацыял-дэмакраты сталі ва ўсходніх землях чацвёртай партыяй пасля ХДС, Альтэрнатывы і Левай партыі (паслядоўнікі Розы Люксембург і Карла Лібкнехта набралі 17,8 адсотка). Хто гарантаваў, што на нечарговых выбарах Альтэрнатыва не пацісне сацыял-дэмакратаў і ў заходніх землях?

Не буду тут тлумачыць, чаму пазіцыі правых папулістаў (ультраправых) умацаваліся ў Аўстрыі і Францыі (працэнт, атрыманы Марын Лё Пэн на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах, пра гэта вымоўна сведчыць), чаму моцныя пазіцыі правыя занялі ў Венгрыі і Польшчы, чаму кансерватыўныя настроі моцныя ў Чэхіі і Славакіі. Тут хочацца паўтарыць тое, што я пісаў. Герхард Шродэр і шрадэрыянцы гэтак нашкодзілі Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, што ёй наўрад ці наканавана вярнуць былы аўтарытэт у грамадстве. З аднаго боку гульня ў эканамічны лібералізм, з другога – крэн у лявацтва. Гэткая раздвоенасць поспеху не гарантуе. І ўжо каторы раз сацыял-дэмакраты будуць малодшымі партнёрамі хадэкаў.

Калі ў 1966 годзе ў кааліцыю з хадэкамі ўступаў Вілі Брант, сацыял-дэмакраты Нямеччыны з аптымізмам глядзелі наперад, былі ўпэўненыя, што іх лідэр стане федэральным канцлерам. Калі ў кааліцыю з хадэкамі ўступае Марцін Шульц, гэта кажа пра тое, што нямецкія сацыял-дэмакраты ня бачаць іншай перспектывы і што аптымізм пакінуў іх.
Leave a comment