ЮБІЛЕЮ – ДАСТОЙНУЮ СУСТРЭЧУ
“Чалавек, асоба, творца” – так называецца выстава, што адкрылася гэтымі днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў гонар юбілею выдатнага беларускага пісьменніка, грамадскага і палітычнага дзеяча.
Выстава займае два стэлажы. У аднаго стэлажа свой падзагаловак: “З вераю ў дабро”. На гэтым стэлажы выстаўлены кнігі майстра слова – пачынаючы ад самых ранніх (“Тревожная служба”, “Следствие продолжается” и «Финал Краба”) і заканчваючы выдадзеными зусім нядаўна (“Рискованная игра” и “Тайна Овального кабинета”).
Звяртае ўвагу тое, што дзве кнігі пісьменніка выйшлі ў серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”. Двума тамамі ў гэтай серыі ўганараваны таксама Іван Шамякін, а кнігі некаторых літаратараў (напрыклад, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Івана Мележа, Івана Пташнікава ці Вячаслава Адамчыка) за пяць гадоў існавання гэтай серыі яшчэ не выйшлі.
Як і кожны знакаміты пісьменнік, наш юбіляр не можа не выказвацца на тэмы літаратуры. Паколькі ж наш юбіляр яшчэ і генерал, дык інтэрв’ю з ім у часопісе “Беларуская думка” мае загаловак “На передовой литературы”, а яшчэ адно інтэрв’ю апублікавана ў часопісе “Армия” і мае загаловак “18 минут с писателем и человеком”.
Зрэшты, часопіс “Армия” размешчаны на другім стэлажы, які мае дэвіз “Пісьменнік, юрыст, палітык”. Не можа не здзіўляць шырыня кругагляду і зацікаўленняў нашага юбіляра. З літаратуры, выстаўленай на гэтым стэлажы, можна даведацца, што ён уваходзіць у рэдкалегіі выдавецкіх серыяў “Беларуская проза ХХ стагоддзя” і “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя”, у рэдкалегіі часопіса “Нёман” і энцыклапедыі “Культура Беларусі”. На выставе можна ўбачыць і аўтарэферат дысертацыі нашага пісьменніка на атрыманне ступені кандыдата юрыдычных навук. Уражвае празорлівасць даследчыка. Хоць ад часу напісання дысертацыі прайшло 35 гадоў, яе тэма і сёння актуальная для нашай краіны і навукі: “Административно-правовые проблемы борьбы против пьянства и алкоголизма (По материалам Белорусской» ССР)».
Як палітык, наш юбіляр быў сенатарам Беларусі, уваходзіў (ці яшчэ ўваходзіць?) у Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Парламенцкі сход Саюзу Беларусі і Расіі. Аб яго высокім аўтарытэце сведчыць тое, што ён адкрываў у чэрвені 2008 г. у Геленджыку Міжнародную канферэнцыю “Актуальныя праблемы будаўніцтва і развіцця Саюзнай дзяржавы” (а нам, смяротным, думаецца: якія яшчэ могуць быць праблемы?).
Цяжка ў кароткай зацемцы пералічыць усе аспекты дзейнасці гэтага выдатнага дзеяча нашай эпохі, але пра адзін абавязкова трэба сказаць. Наш юбіляр цягне сапраўды цяжкі воз – ён узначальвае Саюз пісьменнікаў Беларусі. Як паведаміў у 2009 г. часопіс «Журналист», ён адначасова з’яўляецца сустаршынёй Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы ды выступае за творчую інтэграцыю беларускай і расійскай літаратур.
Прыкра адно. Чамусьці дагэтуль нашы крытыкі і асабліва літаратуразнаўцы не надалі належнай увагі вывучэнню творчасці юбіляра, асаблівасцяў яго почырку, не стварылі ніводнай манаграфіі. А гэта вельмі патрэбна для навучання творчай моладзі, асабліва для талентаў з глыбінкі, пра якіх шчыра клапоціцца прызнаны майстар слова. І ўсё ж тое, што выдавецтва “Мастацкая літаратура” прысвяціла яму салідны том у “Личность, время, судьба» ў серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, высвечвае маштаб асобы пісьменніка. Нагадаю, што з белетрыстаў гонару быць прадстаўленымі ў гэтай серыі пакуль што ўдастоіліся толькі Янка Купала, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Максім Танк ды Іван Шамякін.
Шчырыя прыхільнікі таленту нашага юбіляра з нецярпеннем чакаюць 17 кастрычніка, калі ён у дзень свайго 75-годдзя будзе прымаць шматлікія віншаванні і падарункі ад калег па Саюзу пісьменнікаў Беларусі, ад былых калег па Міністэрству ўнутраных спраў і “сенату”, грамадскіх і палітычных дзеячоў. У той дзень стане вядома, якая высокая дзяржаўная ўзнагарода чакае Мікалая Чаргінца. Галоўнае – наперадзе.