You are viewing [info]anatolsidarevic's journal

entries friends calendar user info Previous Previous
anatolsidarevic
Add to Memories
Share
14 траўня

Сустрэў у акадэмічнай бібліятэцы ST. Размова з ім сёе-тое праясніла.
Ходзяць чуткі, што гэны і яго атачэнне хочуць правесці чарговае зліццё: акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры аб’яднаць з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. З размовы з ST высвятляецца, што пад гэты праект выкарыстана мая і Сяргея Трафілава з “Культуры” крытыка каментароў да 12-га тома Максіма Танка. Пасля гэтай крытыкі, кажа ST, сын Максіма Танка, Максім, накатаў цялегу ў адміністрацыю скрыназнаўцы: маўляў, так і так... Гэтая цялега стала зачэпкай для праверкі Інстытута мовы і літаратуры літаратуразнаўцамі адтуль. А выснова, як чакаюць, будзе такая: для павышэння і паглыблення зліць ІМЛ і ІМЭФам.
ST лічыць, што ідэю накатаць цялегу Максіму Скурко падкінулі. З гэтай думкай можна згадзіцца, бо наўрад ці сынок чытаў “Нашу Ніву” і “Культуру”.
Пытаюся ў ST: дык што, цяпер ужо нельга крытыкаваць выданні ІМЛ? Ён так не лічыць. Ён проста давёў мне інфармацыю пра тое, як улада можа выкарыстаць крытыку.
Такога, каб літаратурна-мастацкая і навуковая крытыка выкарыстоўвалася ў палітычных мэтах і дзеля аргвывадаў, не было даўно. Хіба што ў 1930-х...
Цяпер маецца Інстутут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. У выніку зліцця можа атрымацца цуда-юда трохгаловае: Інстытут мовы, літаратуры, мастацтвазнаўства, этнагарафіі і фальклору імя Якуба Коласа, Янкі Купалы і Кандрата Крапівы.
Праводзіцца зліццё не толькі гуманітарных інстытутаў Акадэміі. Ва ўладзе стаяць дробныя гандляры, якія жадаюць ад навукі практычнага выніку, эканамічнага эфекту, забыўшы што няма нічога больш практычнага, як добрая тэорыя. Фундаментальныя даследаванні ў загоне.
З гэтых рэформаў калі што і выйдзе, дык поўны крах навукі. Добрыя даследчыкі краіну пакідаюць.

20 траўня

Учора ў Нацыянальнай бібліятэцы выпадкова сустрэліся з NR. Ён расказаў амаль анекдатычнае. Акадэмічныя фізікі-хімікі мала ходзяць у акадэмічную бібліятэку: маўляў, навошта, калі ўсё ёсць у інтэрнэце? Бібліятэкаркі ж, каб не зачынілі адпаведныя аддзелы, цяпер самі ходзяць па інстытутах ды носяць туды кнігі і навуковыя часопісы. Асобныя фізікі-хімікі, пагартаўшы гэтыя выданні, схапіліся за свае галовы: аказваецца, на некаторыя тэмы, над якімі яны працуюць, ужо маюцца публікацыі з вынікамі даследаванняў.
NR параўноўвае гэтых фізікаў-хімікаў (людзей пераважна маладых) са студэнтамі-гультаямі, які скатваюць свае рэфераты і курсавыя з інтэрнэту. Я ж да гэтага дадаю: ды ў нас у навуцы пераважна і засталіся такія студэнты. Лепшыя даўно ўжо за мяжою. З тае прычыны, што выбару паміж таленавітымі і вельмі таленавітымі інстытуты цяпер не маюць, бяруць у навуку тых, хто яшчэ ідзе ў яе. Учарашніх студэнтаў-гультаёў.
Add to Memories
Share
БЕЗ FICTION

Пра 57-ы нумар «Дзеяслова.

З нейкага часу ў нашай прозе з’явіўся новы жанр — аповед (некаторыя пішуць «аповяд»). Само слова гэтае пайшло гуляць пасля рэцэнзіі Сяргея Дубаўца на кніжку Вячаслава Дубінкі. Рэцэнзія тая друкавалася бліжэй да сярэдзіны 1980-х і мела загаловак «Аповяд гаваркога дзядзькі». Памятаю, што мы, лімаўцы, не вельмі хацелі пускаць рэцэнзію з гэткім словам у свет, але потым вырашылі: няхай ідзе. І «аповед» стаў словам-вызначэннем жанру. Жанр гэты нельга назваць апавяданнем. Так, нешта неакрэсленае.
Рызыкну і напішу: цяперашнія маладыя празаікі не ўмеюць пісаць апавяданні — і сюжэтныя (а правільней — фабульныя), і «бессюжэтныя».
«Закруціць» фабулу трэба ўмець. Ці не апошнім фабульным навелістам, аб творах якога «гаварылі ўсе», быў Уладзімір Арлоў. «Пра нішто» таксама трэба ўмець напісаць. Ну, не ведаю, каб хто з маладых напісаў такое «бессюжэтнае» апавяданне, якое б дараўнала «Сцяпану Ігнатавічу Вапшчэткі» Анатоля Кудраўца. А хто скажа, пра што напісана геніяльнае, паводле Аляксандра Фядуты, «Смаленне вепрука» Міхася Стральцова?
Вось такія думкі і згадкі спарадзіў у маёй галаве самы свежы — пяцьдзясят сёмы — нумар часопіса «Дзеяслоў». У гэтым нумары толькі АДЗІН тэкст можна аднесці да fiction, г.зн. да прозы з выдуманымі героямі, персанажамі.
Раней было так: калі ў першай (белетрыстычнай) частцы «Дзеяслова» я не заўважаў надзейнага імя празаіка, то чытанне чарговага нумару часопіса пачынаў з другое часткі — з публіцыстыкі, крытыкі, архіўных публікацыяў... Гэтак і пяцьдзясят сёмы нумар я пачаў з другое часткі, бо друкаванне рамана ў апавяданнях Генрыха Далідовіча «Рурыкавічы і Рагвалодавічы» яшчэ калі будзе скончана. Тэксты ж Сяргея Рублеўскага «з кнігі для тых, хто любіць лавіць рыбу ўсім сэрцам» (!), як паказала бліжэйшае знаёмства з імі яшчэ на пачатку мінулага года, — не мастацкая проза ў сціслым значэнні гэтага слова, не fiction. Гэта хутчэй успаміны рыбалова і прынагодныя нататкі. Цікава чытаць тэксты Алеся Усені пад агульным загалоўкам «Мой лістапад...», якія друкуюцца вось ужо ў трэцім нумары часопіса запар, але гэта, зноў жа, успаміны. Іншы раз аўтар бязлітасны да сябе: быццам на споведзі, апавядае, як яму даводзілася крывадушнічаць і хлусіць. Чытаюцца і густоўна напісаныя ўспаміны Аляксандра Фядуты пра маці. (Гэта фрагмент ягонай кнігі мемуараў, якія ён пачаў пісаць у турме.)
Адзін толькі дэбютант у прозе — Стас (так і хочацца напісаць нашае традыцыйнае Стась) Ільін — жанр свайго тэксту вызначыў як апавяданне. Думаў: мо хоць ён парадуе фабульным ці «бессюжэтным» апавяданнем? Не парадаваў. У яго таксама «непрыдуманая проза».
А вось яшчэ адзін незнаёмы мне аўтар — Валеры Гапееў. Ягоны невялікі твор «Мы нікому пра гэта не раскажам» мае падзагаловак «Урывак з ненапісанага рамана». З такім вызначэннем нельга згадзіцца, бо тэкст кампазіцыйна завершаны, закруглены. У літаратуры ёсць шмат прыкладаў, калі і меншыя паводле аб’ёму творы чытачы і знаўцы параўноўвалі і параўноваюць з раманамі.
Твор В. Гапеева — спроба сапраўднай fiction. У ім апавядаецца, як байцы «спецыяльнага асобнага чырвонаармейскага атрада» едуць забіраць каштоўнасці ў праваслаўным жаночым манастыры, што месціцца ў былым бернардынскім кляштары. У творы шмат крыві і трупаў, але мне не страшна.
Чытаючы жахлівыя сцэны, я не сцяўся ад жаху, не заплакаў, бо аўтар, апісваючы персанажаў, ужо падрыхтаваў мяне да такіх сцэнаў.
Акрамя таго, у кожным малым празаічным творы, як на маю думку, павінна быць запамінальная канцоўка, якая лагічна вынікае з усяго напісанага. Пра канцоўку твора В. Гапеева можна сказаць, што яна ні псіхалагічна, ні прост лагічна не абгрунтавана. Хоць зло пакарана, я чамусьці не радуюся. Ці не таму, што чакаў такое канцоўкі?
Чытаючы тэксты першае часткі «Дзеяслова» пасля тэкстаў з другое часткі часопіса, думаеш: а якое, уласна кажучы, істотнае адрозненне паміж дзвюма часткамі? Хіба толькі тое, што ў другой частцы друкуюцца не ўспаміны, а дзённікі. Таксама проза, але таксама не fiction.
Ніл Гілевіч летась апублікаваў старонкі сваіх дзённікаў за 1996, 1998 і 1999 гг. Цяпер ён знаёміць нас з старонкамі запісаў за 2000 год. Ёсць у мяне падазрэнне, што публікуюцца не толькі не ўсе старонкі, але і апублікаваныя запісы няпоўныя. Свае дзённікі пачалі публікаваць Алесь Жук і Кастусь Цвірка. Запісы Алеся Жука і Кастуся Цвіркі без датаў. Першы з іх, публікуючы запісы не запар, прыдумаў такі жанр, як дзённікавыя згадкі, а другі даў сваім запісам падзагаловак «вясковы дзённік».
Калі Ніл Гілевіч больш схільны да фіксавання фактаў, калі Кастусь Цвірка і ў дзённіках застаецца этнографам, фалькларыстам, дык Алесь Жук перш за усё празаік, ягоныя запісы прымушаюць успомніць запісы Янкі Брыля і Міхаіла Прышвіна.
Ведама, я мог бы нешта напісаць і пра паэзію ў гэтым нумары «Дзеяслова», і пра публікацыю Эўрыпідавай «Медэі» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага (гэта першая частка часопіса), мог бы паразважаць вакол артыкула Анатоля Трафімчыка пра Рыжскі трактат 1921 года ў асэнсаванні Янкі Купалы, наконт артыкула Аляксея Каўкі пра Уладзіслава Сыркомлю, мог бы сказаць пару слоў і пра артыкул Леаніда Галубовіча «Пры святле адзінокай здагадкі», прысвечаны Уладзіміру Маруку, запыніцца на рэцэнзіі Сяргея Астраўцова на кнігу Аляксандра Лукашука пра мінскае жыццё Освальда, якога лічаць забойцам прэзідэнта Джона Ф. Кенэдзі... Пра ўсё гэта я мог бы напісаць, але душа мая смуткуе па fiction, па добрым апавяданні.
Хочацца, каб першая частка «Дзеяслова» істотна адрознівалася ад другой
Add to Memories
Share
ЭЦЮДЫ НА ПОЛЬСКІЯ ТЭМЫ

ЦІ З’ЯВІЦЦА Ў БЕЛАРУСІ БІСКУП-БЕЛАРУС?

Учора Папа Рымскі прызначыў ардынарыем Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янку.
Нічога не памяналася. Паляка Казімежа Свёнтака замяніў паляк, выхаванец ксяндза Вацлава Пянткоўскага Антоні Дзя’мянка, і цяпер у нас усе біскупы па-ранейшаму палякі.
З прызначэннем біскупа Дзям’янкі ў Пінскую дыяцэзію вызваляецца пасада суфрагана ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. І я, як той заўзятар, з цікавасцю буду сачыць за разгортваннем падзей. Мне цікава, ці з’явіцца нарэшце ў Беларусі – хоць бы на пасадзе суфрагана – біскуп-беларус? Няўжо за 20 гадоў незалежнасці ніхто з беларусаў не заслужыў сану біскупа?

3 МАЯ – ПОЛЬСКАЕ СВЯТА, або КАМУ СЛУЖЫЦЬ БІСКУП КАШКЕВІЧ?

Учора беларуская служба Радыё Свабода занепакоілася пытаннем: чаму ў Беларусі не адзначаецца дзень прыняцця канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года?
Карэспандэнт Алесь Дашчынскі задае гісторыку Анатолю Трафімчыку пытанне: “Якое значэньне дня Канстытуцыі 1791 году для сёньняшняй Беларусі?”. І чуе адказ:
-- Я думаю, што калі б той праект незалежнасьці Беларусі, які ад пачатку ХХ стагодзьдзя будаваўся нашымі нацыянальнымі дзеячамі, быў рэалізаваны, я ня думаю, што гэтае сьвята стала б упоравень з такімі сьвятамі, як 25 сакавіка. Але гэтае сьвята было б знакавай старонкай, у тым ліку і для Беларусі.
А вось я чамусьці ўпэўнены, што ў БНР той дзень таксама не адзначалі б. Бо канстытуцыя 3 мая была спробай ліквідаваць федэрацыю Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ды ператварыць Рэч Паспалітую Абодвух Народаў ва ўнітарную дзяржаву – Польскую Рэч Паспалітую. Падкрэсліваю: спробай, бо насамрэч палажэнні гэтай канстытуцыі так і не былі рэалізаваныя. А неўзабаве Рэч Паспалітая памерла ад сваіх невылечных хвароб. Як лічу не адзін я, плакаць па ёй не трэба, бо 3 мая 1791 году яе паспрабавалі ператварыць у “чыста польскую дзяржаву”.
3 мая – гэта не наша, а польскае свята. Гэта польская настальгія аб так і не рэалізавай ідэі Польшчы “ад мора да мора”.
Цалкам зразумела, што гэты дзень шырока адзначаюць у Польшчы. Ніхто не можа забараніць святкаваць яго і тутэйшым палякам. Але чаму месцам святкавання дня польскай канстытуцыі стаў учора рыма-каталіцкі кафедральны сабор у Горадні? Ён што, адным палякам належыць? Яшчэ цікавей, што ў імшы браў удзел біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ён што, Польшчы служыць? У такім разе я прашу гарадзенскіх беларусаў-каталікоў замовіць імшу ў кафедральным саборы на 25 сакавіка наступнага года. Паглядзім, як да гэтага паставіцца біскуп Кашкевіч.

НЕШТА МЯНЯЕЦЦА

Учора ў інтэрнэце прайшла навіна: так званыя Польскія могілкі ў Магілёве афіцыйна сталі Каталіцкімі.
Нешта мяняецца ў нашай Айчыне. Ліквідуецца манаполія палякаў на каталіцызм у Беларусі. У галовах нашых грамадзян усё трывалей асядае тая праўда, што можна быць добрым беларусам і добрым каталіком і што каталікоў-беларусаў у нашай краіне ў разы больш, чым каталікоў-палякаў. І нават ксяндзоў-беларусаў цяпер больш, чым ксяндзоў- палякаў. Але рыма-каталіцкі епіскапат у нашай краіне па-ранейшаму спрэс польскі.

Анатоль Сідарэвіч.
Add to Memories
Share
А Я ДУМАЎ...

Прачытаў сёння на сайце “Нашай Нівы”, што адным з лаўрэатаў прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў стаў Руслан Гарбачоў за тэкст «Как убивали “всебелорусского старосту””.
Прызнацца, дасёння я не бачыў гэты тэкст. І ніхто з маладых гісторыкаў, якія ведаюць кола маіх зацікаўленняў і “плаваюць” у інтэрнэце, не звярнуў на яго маю увагу.
Пасля публікацыі на сайце “НН” паведамлення аб прысуджэнні прэміі Руслану Гарбачову я кінуўся шукаць ягоны тэкст: што ж такое цікавае, арыгінальнае знайшоў гэты аўтар? І быў здзіўлены: за што далі прэмію? Нічога новага з тэксту Руслана Гарбачова я не даведаўся. Усё тое я чытаў у бээсэсэраўскіх газетах міжваеннае пары, у іншых публікацыях...
А былі ж у мінулым годзе даволі цікавыя, арыгінальныя журналісцкія публікацыі з гісторыі Беларусі. Калі не памыляюся, летась Сяргей Крапівін напісаў некалькі матэрыялаў ў цыкле “Нефарматная вайна”. У прыватнасці, грунтуючыся на архіўных дакументах, ён у папулярнай форме расказаў у “Народнай Волі” пра балгараў і французаў, якія былі калі не акупантамі, дык памочнікам нацыстаў у Беларусі ў час Другой сусветнай вайны. Пра гэта, наколькі мне вядома, да Сяргея Крапівіна ніхто не пісаў.
Пры жаданні бажаўскае журы магло знайсці і іншыя арыгінальныя публікацыі, а не кампілятыўны артыкул, для ўганаравання прэміяй.
Add to Memories
Share

22 красавіка       

 

Дзень нараджэння “геніяльнага правадыра і настаўніка сусветнага пралетарыяту”. Цікава, ці панясуць калякінцы свае дары да помніка ля Дома ўраду?

Далей парадкую камплекты “Нашай Нівы”, раблю сваю бібліяграфію. Дабраўся да 2008 года.

Я зноў пра цыклічнасць у палітычным жыцці Беларусі. Калі не ўсё, дык многае паўтараецца.

2008 год пачаўся з таго, што Анатолю Лябедзьку забаранілі выезд з Беларусі. Лябедзька: “Буду палітычным невыязным № 1”. Сёлета сюжэт запушчаны нанова.

У другой палавіне студзеня 2008 года з-за кратаў выпусцілі Мікалая Аўтуховіча і Зміцера Дашкевіча. “НН” за 24 студзеня выйшла з “шапкай” на першай паласе: “А ўсё-ткі яны выходзяць”. Амерыканскі дзеяч Дэвід Крэймэр так пракаментаваў гэтую падзею: “Думаю, што гэта пачатак працэсу”. Працэсу лібералізацыі, вядома.

5 лютага на волю выпусцілі Артура Фінькевіча, а 7-га “НН” выйшла пад шапкай “Палітвязьні ў абмен на што?”. І малады палітык Фінькевіч адэкватна пракаментаваў вызваленне палітвязьняў: “Мы разменныя манеты ў гандлі з Захадам”.

Галоўнага палітвязьня – Аляксандра Казуліна – улада прытрымлівала да жніўня. Якую ролю ў яго вызваленні адыгралі немцы, асабліва амбасадар Вайс і ягоны шэф – федэральныя міністр замежных спраў сацыял-дэмакрат Штайнмаер, я, здаецца, пісаў. Немцы вельмі ж хацелі ўзяць удзел у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. А дзеля гэтага на які толькі кампраміс не пойдзеш. Яны, немцы, і ладзілі гандаль. І французы ў суполцы з імі спявалі песню пра лібералізацыю палітычнага рэжыму ў Беларусі. А ўнутры краіны ім падпявалі так званыя незалежныя палітолагі і аналітыкі. І спрабавалі затыкаць рот рот нязгодным, тупаць нагамі на іх. Пакуль не здарыўся аблом 28 верасня на “выбарах” у палатку. Лібералізацыя ляснулася. І нямецкі амбасадар Вайс не прыдумаў нічога лепшага, як выступіць адвакатам Лукашэнкі, ды паўтарыў старую байку пра добрага цара і кепскіх баяраў: маўляў, вярхі хацелі зрабіць усё як след, а нізы не зразумелі іх добрых намераў. Я абсёк яго сваім рэзкім каментаром. Амбасадар Вайс пакрыўдзіўся, затое асобныя каментатары падхапілі маё выказванне, перайначыўшы яго на нямецкі лад: Вайс паўтарае байку пра добрага кайзера і кепскіх баронаў.

У 2010 годзе Захад зноў пачаў мантру пра лібералізацыю...

Ці паўторыцца гандаль палітвязнямі сёлета? Ці не пачуем мы зноў мантру пра лібералізацыю?

Калі сюжэт 2008 года паўторыцца, гаворку трэба весці не пра дэбілізм еўрапейскай палітыкі, а пра яе цынізм. Хоць гэты цынізм быў відавочны і раней. У 2008 годзе ён стаў асабліва бачны.

 

*** 

Цынізм Захаду стаў асабліва відавочны ў 2008 годзе таму, што адразу пасля “выбараў” у палатку, якія той самы Захад не прызнаў, на паўгода былі прыпыненыя візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку да самага глоўнага. Невыязнымі застался толькі Віктар Шэйман, Дзмітры Паўлічэнка, Юры Сівакоў, Уладзімір Навумаў ды Лідзія Ярмошына. Еўрацынікі (ці ўсё ж еўраідыёты?) спадзяваліся гэткім чынам уцягнуць афіцыйны Менск у дыялог, цывілізваць яго... Уразіў сваёй блізарукасцю Зянон Пазняк. Зняцце абмежаванняў – правільны крок, заявіў ён, бо санкцыі штурхалі наменклатуру ў бок Масквы. Быццам Лукашэнка хацеў і хоча стаць генерал-губернатарам Заходняга (ці то Беларускага) краю Расіі...

Мажліва, праз нейкі час стане вядома, хто з беларускіх палітолагаў і аналітыкаў падшэптваў гэтую ідэю Еўразвязу, хто – разам з еўразвязаўскімі палітыкамі – нясе адказнасць за крывавую нядзелю 19 снежня 2010 года.

Add to Memories
Share
На антрэсолях і ў шафах сабраліся камплекты “Нашай Нівы” за 11 год – з 2001-га па 2011 год. Адсутнічае мо які дзясятак нумароў. Цяпер парадкую гэтыя камплекты па нумарах і заадно раблю сваю бібліяграфію (пра тое, што трэба самому складаць сваю бібліяграфію, казалі мне і Віталь Скалабан, і Алег Трусаў). Учора камплекты за 2001 і 2002 гады занёс у музей. Сёння занясу нумары за 2003 і 2004 гг.
З 2003 года “НН” стала выглядаць як сапраўдны тыднёвік (der Wochenschrift, weekly; на першае месца стаўлю нямецкі тэрмін, бо друкарская справа пайшла з Нямеччыны, да таго ж нямецкая мне “раднейшая”).
Я аж залюбаваўся нумарамі за 2005 год. Чамусьці згадалася “Неделя” – вельмі папулярны штотыднёвы дадатак да «Известий». Так, была там ідэалогія, але былі і літаратура, і пазнавальныя матэрыялы. Матэрыялы на цэлую паласу і болей. Для аматараў сур’ёзнага чытання.
У 2006-м, 2007-м і да 15 траўня 2008 года “НН” выходзіла фарматам з канцылярскі аркуш. Яе папярэдніца ў 1909–1911 гг. выходзіла трохі мешым фарматам, але, на маю думку, у параўнанні з “НН” пачатку ХХІ стагоддзя выглядала больш салідна. Тут шмат што залежыць і ад вёрсткі. Узяць бы хоць тое, што многія матэрыялы ў сучаснай “НН” не выроўніваліся па шырыні.
А што тыднёвік выходзіў такім фарматам, дык у тым віна ўладаў, якія выключылі газеты з каталогу падпісных выданняў. Фармат “НН” дастасоўваўся да фармату канвертаў, у якіх тыднёвік дасылалі падпісчыкам.
З нейкага часу (я дабраўся толькі да 2007 года, таму не магу назваць год канкрэтна), “НН” перастала быць тыднёвікам. Яе публікацыі здрабнелі ў сэнсе аб’ёму, стала менш аналітыкі, менш пазнавальных матэрыялаў, але затое ў нумар упіхваецца больш штодзёншыны. Можа, гэта выклікана тым, што адзіная недзяржаўная штодзённая газета “Народная Воля” перастала быць штодзённаю, можа – арыентацыяй на больш шырокую аўдыторыю, а не толькі на інтэлігенцыю, але відавочна, што перанасычанасць дробнымі матэрыяламі-штодзёншчынай разбурае канцэпцыю тыднёвіка і ператварае “НН” у нешта сярэдняе паміж Wochenschrift’ам, weekly і die Tageszeitung, daily newspaper.
Я мару пра тое, што будуць у нас і штодзённыя газеты, і тыднёвікі, і тое, што на захад ад Буга называюць магазынамі (das Magazin, magazine). Мару, што “НН” зноў стане выданнем для ўдумлівага чытання.
Гартаючы нумар за нумарам “НН”, я ўпэўніўся, што старыя газеты абавязкова трэба чытаць нашым палітолагам. І выявіцца, што некаторыя з іх з дурной рэгулярнасцю паведамляюць нам аб чарговай лібералізацыі рэжыму. Пагаратайце “НН” ад 2004 года. Назіраецца такая цыклічнасць: “выбары” (прэзідэнцкія ці ў палатку), пасадкі, “лібералізацыя” перад чарговымі “выбарамі”, зноў “выбары”, зноў пасадкі, зноў “лібералізацыя”... 2004, 2006, 2008, 2010... Хочацца спадзявацца, што 2012 год пакладзе канец гэтай дурной цыклічнасці.
Add to Memories
Share
УСІХ ДА АДНАГО!

10 красавіка на першай паласе “Звязды” можна было прачытаць сэнтэнцыю міністра Сяргея Мартынава наконт санкцыяў: “Палітыка санкцый, якую вядзе Еўрапейскі саюз (так, з малой літары, у “Звяздзе”. – А. С.) у дачыненні да Беларусі, бесперспектыўная. І не таму, што нашай краіне не падабаецца палітыка ціску і прымусу, а таму, што яна з’яўляецца неэфектыўнай”.
У гэтай сэнтэнцыі мяне вельмі пацешыў другі сказ. Ну хоць бы патлумачыў калі не спадар міністр, дык галоўны рэдактар газеты паспалітаму чытачу, што Еўрапейскі Звяз хоча змусіць улады Беларусі паважаць элементарныя правы і свабоды чалавека, запісаныя ў Канстытуцыі Беларусі, у тым ліку права людзей на мірныя сходы і выказванні. І яшчэ хоча Еўразвяз змусіць улады Беларусі вызваліць з-за кратаў людзей, якія трапілі туды па палітычных матывах, за іншадумства.
Галоўны чыноўнік Беларусі спадзяваўся павесці з Еўропай торг наконт вызвалення ключавых вязняў. Ён вырашыў быў дзейнічаць паводле сцэнару 2008 года. Тады яму ўдаўся торг з вызваленнем Аляксандра Казуліна. Мала таго, ён і яго падначаленыя нават здолелі на пэўны час пераканаць еўрапейскіх палітыкаў, што ў Беларусі магчымая лібералізацыя рэжыму.
У 2010 годзе Еўропа зноў гатовая была падмануцца з лібералізацыяй. У Менску пікеты зборшчыкаў подпісаў пад нацыянальнымі і партыйнымі сцягамі, нікога не затрымліваюць, амаль усіх ахвочых быць кандыдатамі на пасаду прэзідэнта зарэгістравалі нават незалежна ад таго, сабралі яны па 100 тысяч подпісаў грамадзян ці не, кандыдаты ж у сваіх выступленнях па тэлебачанні і радыё крытыкуюць уладу... І нават сярод беларусаў толькі ўпартыя скептыкі і песімісты жылі ў чаканні чарговай хвалі рэпрэсіяў і закручвання гаек. І яны не падмануліся. А тут яшчэ выбух у Менскім метрапалітэне...
Была небяспека, што пасля крывавай нядзелі 19 снежня 2010 года і масавых пасадак менскія бюракраты зноў навяжуць Еўропе торг. Аднак еўрапейскія палітыкі зрабілі нарэшце належныя высновы з падзей 2008 года. Менскія ж чыноўнікі забылі элементарную ісціну: нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую раку.
Вызваленне Андрэя Саннікава – гэта не акт міласэрнасці ў пасхальныя дні, гэта вынік калі не рашучай, дык даволі паслядоўнай палітыкі Еўразвязу, якую ён вядзе пасля 19 снежня.
Па-мойму, менскія бюракраты дарма спадзяюцца, што пасля вызвалення Андрэя Саннікава напруга ў адносінах паміж Бруселем і афіцыйным Менскам спадзе. Напруга, магчыма, спала б, калі б адразу, у адзін дзень былі вызвалены таксама Мікалай Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка і астатнія палітычныя вязні. Усе да аднаго!
У тым, што вызвалены толькі адзін Андрэй Саннікаў, праглядваецца спадзяванне менскай бюракратыі ўсё ж патаргавацца з Бруселем наконт іншых палітзняволеных. Аднак бюракраты забываюць, што мала вызваліць людзей з-за кратаў – іх трэба рэабілітаваць, каб і Саннікаў, і Статкевіч, і Бяляцкі, і іншыя маглі паўнацэнна вярнуцца ў палітыку.
І мала, па-мойму, вызваліць палітзняволеных і рэабілітаваць. Афіцыйны Менск павінен ведаць, што вучаная Еўропа, як і Злучаныя Штаты, заўсёды напагатове, і разе новых пасадак грамадзян Беларусі па палітычных матывах гатовая аднавіць санкцыі ў поўным маштабе.
Add to Memories
Share
ВЕРНИТЕ МНЕ ПАСПОРТ,
или КАК Я ОФОРМЛЯЛ ЛИТОВСКУЮ ВИЗУ

В литовское посольство я больше не ходок. Впрочем, обо всем по порядку.
Некая организация в Вильнюсе решила пригласить к себе в гости группу беларусских социал-демократов. Представилась возможность получить годовую визу.
Честно говоря, мне не так посиделки и разговоры интересны, как возможность поехать в библиотеку Литовской академии наук и поработать там в отделе рукописей с беларусскими документами начала прошлого века. Да еще в Историческом архиве, говорят, открылись документы братьев Луцкевичей… Короче, я соблазнился.
Мне пояснили, что бланк заявления на визу я найду в интернете.
Первое же знакомство с соответствующими адресами подсказало мне, что в консульской службе Литовской Республики творится шурум-бурум. Судите сами. Недолго щелкая мышкой, я нашел три образца заявления: на русском языке (2 страницы), на английском и литовском языках (3 страницы), на литовском и русском (3 страницы). Напрасно я искал бланк на литовском и беларусском. Это тоже подсказывало мне, белорусскому патриоту, что в литовской консульской службе имеется что-то недружественное по отношению ко мне.
Прикидывая так и эдак, я решил заполнить литовско-русский бланк на 3 страницах. Заполнив его, наклеив фотографию, взяв паспорт и деньги, шестого, кажись, апреля, я направил стопы свои к литовскому посольству. Там ждал меня некий юноша, уполномоченный, как я понял, приглашающей стороной собрать у беларусских социал-демократов документы, занести их в консульский отдел и дальше вести это дело вплоть до выдачи нам виз.
Сразу же скажу, что больше того юноши я не лицезрел. Мои попытки связаться с ним по телефону были безуспешны. Тем временем одна руководящая социал-демократка сообщила мне, что надо оформить заявление на визу по-новому. Сказала, к каким воротам литовского посольства подойти, позвонить и назвать номер очереди… Строго следуя инструкции, сегодня я подошел к воротам, назвал номер очереди и приглашающую организацию, был впущен на территорию посольства и вошел в консульский отдел.
Выглядел я в консульском отделе дурак дураком. Дама за стеклом сначала искала в стопке нужную бумажку с указанием, кто меня приглашает. Найдя нужную бумагу, она потребовала от меня заявление и страховку. Когда я сказал, что все это доставлено тем самым юношей и уже имеется в консульском отделе и что мне надо только переоформить заявление, дама высказала крайнее изумление. «Вы хотите сказать, что от имени виленской организации действовал аферист и что никаких документов он не доставлял?», -- спросил я даму. На вопрос она не ответила, но настаивала на своем: нетути твоих бумажек, дядя.
Все случилось, как я и предчувствовал. Или это тринадцатое число виновато?
Так или иначе, не солоно хлебавши, я удалился из посольства восвояси писать этот текст. Для чего я его пишу? Положим, 120 тысяч «зайчиков», которые я заплатил за страховку – это десятина с моей пенсии в пользу агентства «Купалинка», 60 евро – это мой взнос в литовский бюджет, но паспорт мой зачем понадобился Литве? Паспорт нужен мне. Без его я пенсию не смогу получить. И что, класть мне зубы на полку, голодать? Помилосердствуйте, братья и сестры литовцы! Верните мне паспорт!
Add to Memories
Share
ТАК ПАМІРАЎ ЗМІЦЕР ЖЫЛУНОВІЧ

На пытанні карэспандэнта “Нашага Магілёва” Ігара Барысава адказвае гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч

-- 11 красавіка спаўняецца 75 год з дня смерці старшыні першага савецкага ўрада Беларусі Дзмітрыя Фёдаравіча Жылуновіча. Дзмітрый – імя царкоўнае, пашпартнае, афіцыйнае, а сам ён падпісваўся як Зміцер і Змітро. Як у пісьменніка і публіцыста, у яго было шмат псеўданімаў, але найбольш ён вядомы як Цішка Гартны. 75 год таму ён скончыў жыццё самагубствам у Пячэрскай псіханеўралагічнай бальніцы пад Магілёвам. Нядаўна вы апублікавалі спіс знакамітых людзей, якія жылі і працавалі ў Беларусі і сталі ахвярамі Вялікага тэрору 1937–1938 гадоў. Гэты спіс пачынаецца з Жылуновіча–Гартнага. Ці правамерна адносіць Жылуновіча-Гартнага да ахвяраў Вялікага тэрору?
-- Пытанне цікавае, але перш скажу, што версія самазабойства Жылуновіча-Гартнага не пацвярджаецца. А тое, што Вялікі тэрор датуецца 1937-м і 1938-м годам, тлумачыцца проста: на гэты час прыпала самая вялікая колькасць арыштаў, расстрэлаў і проста забойстваў па палітычных матывах у СССР. Ды ўсё ж першы так званы маскоўскі працэс адбыўся ў жніўні 1936-га. У студзені 1937-га Сталін інсцэнізаваў другі працэс. І толькі пасля гэтага быў праведзены лютаўска-сакавіцкі пленум, з якога ў Савецкім Саюзе і пачалася вакханалія смерці. Яе пікам быў трэці маскоўскі працэс у сакавіку 1938-га. Ніхто не будзе спрачацца, што ўсе тры працэсы – падзеі аднаго парадку, бо на іх галоўнымі абвінавачанымі сталі паплечнікі Леніна. Калі б Сталіну не ўдаліся першы і другі працэсы, наўрад ці быў магчымы масавы тэрор 1937 і 1938 гадоў. Жылуновіча арыштавалі 15 лістапада 1936 года.
-- У чым яго вінавацілі?
-- Абвінавачанне даволі стандартнае, у духу таго часу. Літаратуразнаўца Лідзія Савік, якой удалося пазнаёміцца са следчай справай Жылуновіча, кажа, што старшыню першага савецкага ўрада Беларусі вінавіцілі ў імкненні адарваць БССР ад Савецкага Саюза і ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. Нагадаю, што тэрарызм інкрымінаваўся і фігурантам маскоўскіх працэсаў.
-- Жылуновіч сам “рыхтаваў” тэракты ці ў суполцы?
-- Жылуновіч-Гартны быў схоплены ў той час, як вялося новае паляванне на беларускіх пісьменнікаў.
-- Новае? А калі былі папярэднія?
-- Першы хапун адбыўся ў 1930-м у рамках так званай справы “Саюза вызвалення Беларусі”. Другі хапун быў праведзены ў 1933-м – у рамках надуманых справаў “Беларускага нацыянальнага цэнтру” і “Беларускай народнай грамады”. Паводле няпоўных падлікаў, тады за краты трапілі 44 пісьменнікі. Кагосьці арыштоўвалі і ў 1934-м, і ў 1935-м, і на пачатку 1936-га, але самы вялікі хапун пісьменнікаў пачаўся ў канцы жніўня 1936-га. Да канца года было, паводле маіх падлікаў, схоплена было як мінімум 43 чалавекі. Не менш як двух арыштавалі ў студзені 1937-га.
-- Такім чынам, з канца жніўня 1936-га па люты 1937-га за кратамі апынулася не менш як 45 беларускіх пісьменнікаў – амаль столькі, колькі ў 1930-м і 1933-м. Сярод арыштаваных і Цішка Гартны.
-- Так. Арыштаваныя былі пераважна ва ўзросце да 35 год. Трыццаці пяці з іх у 1917-м споўнілася сама больш 13 год. Яны выраслі пры савецкай уладзе. Самымі “старымі” сярод арыштантаў былі 40-гадовы Міхась Чарот, 41-гадовы Васіль Сташэўскі, 45-гадовы прафесар Міхайла Піятуховіч і 49-гадовыя Анатоль Дзяркач і Цішка Гартны. Бальшавікі мелі намер сачыніць чарговую справу і паставіць іх на чале прыдуманай арганізацыі. Што ні кажы, Анатоль Дзяркач быў да бальшавіцкага перавароту сацыялістам-рэвалюцыянерам, Жылуновіч да кастрычніка 1918-га уваходзіў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду, Васіль Сташэўскі і Міхась Чарот належалі ў 1920 годзе да Беларускай камуністычнай арганізацыі, якую ўзначальваў “вораг народа” і першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, а Міхайлу Піятуховічу маглі “шыць” прыналежнасць да канстытуцыйных дэмакратаў. І вось пад уплыў гэтых людзей трапіла літаратурная моладзь... Кіраўніком прыдуманай антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі бальшавікі хацелі паставіць Цішку Гартнага.
-- У “арганізацыю”, як я зразумеў, трапілі выключна літаратары.
-- І гэтаму ёсць тлумачэнне. Па-першае людзі яны маладыя і, што называецца, баяздольныя. Па-другое, ішло планамернае вынішчэнне беларускіх пісьменнікаў як носьбітаў нацыянальнай ідэі, нацыянальнага духу.
-- Гэта даволі сур’ёзнае сцвярджэнне.
-- Яно належыць не мне. Вось факт. У чэрвені 1938-га Масква прызначыла першым сакратаром кампартыі Беларусі Панцеляймона Панамарэнку, а ўжо ў кастрычніку народны камісар унутраных спраў БССР паклаў яму на стол кампрамат на Янку Купалу, Якуба Коласа, Змітрака Бядулю, Кандрата Крапіву, Петруся Броўку, Аркадзя Куляшова... І Панамарэнка раіцца са Сталіным: ці не арыштаваць нам і гэтых? Уявім сабе, што задума здзейніслася...
-- Сапраўды, што засталося б тады ад беларускай літаратуры? Але вернемся да Жылуновіча-Гартнага. Ён турме...
-- З яго (і не толькі з яго) выбіваюць паказанні пра тое, існаваў план адрыву БССР ад Савецкага Саюза, што задумваліся тэракты. Жылуновіч упарта адмаўляе ўсе абвінавачанні.
З канца 1920-х гадоў Жылуновіч няспынна падвяргаўся маральна-псіхалагічнаму тэрору. Адчуваючы, што атмасфера вакол яго стала небяспечнай, ён яшчэ да арышту адправіў жонку і дачку-студэнтку да жончыных сваякоў у Ленінград. Аднаго разу да допыце яму паказалі паперку з ленінградскмі адрасамі жонкі і дачкі ды папярэдзілі: калі ён, Жылуновіч, не возьме на сябе віну, і жонка, і дачка будуць арыштаваныя. І Зміцер Хведаравіч падпісаў самаагавор.
-- Жонку і дачку сапраўды не кранулі?
-- Якое там! Надзею Сцяпанаўну адправілі ў ссылку як члена сям’і “ворага народа” і саўдзельніцу ў “злачыннай дзейнасці”, а дачку – за неданясенне аб “злачыннай дзейнасці” бацькоў. Лёс жонкі невядомы, а Галіна Дзмітрыеўна перажыла гэтыя выпрабаванні.
-- Можна сказаць, што што фальшывыя прызнанні з Жылуновіча выцягнулі падманным шляхам.
-- Згодны з вамі. Паўтараю: з чэрвеня 1929 года Жылуновіч жыў у пастаянным псіхічным напружанні, да таго ж турма была перапоўненая... Жылуновіч не вытрымаў псіхалагічных нагрузак. Вядома, што ён грукаў у дзверы камеры і крычаў: “Сталін – вар’ят!”.
-- І яго адправілі ў псіхіятрычную бальніцу...
-- Я не магу зразумець, навошта спратрэбілася адпраўляць яго з Менску пад Магілёў. Вызваліўшыся са зняволення, паэт Мікола Хведаровіч зацікавіўся апошнімі днямі свайго земляка і знайшоў доктарку, якая была сведкаю смерці Цішкі Гартнага. Яе адрас Мікола Хведаровіч даў свайму малодшаму калегу Сяргею Панізніку. Далей я буду цытаваць на мове арыгіналу ліст доктара Агнесы Героднік да Сяргея Сямёнавіча. Вось што яна пісала 26 лютага 1982 года:
Цішка Гартны «поступил в Могилевскую психоневрологическую больницу из места заключения с диагнозом «реактивный психоз». Контакт с ним был сильно затруднен. (…) Умер он там же вскоре после поступления. Я сама проводила вскрытие и могу сообщить, что причиной его смерти было тяжелое хроническое заболевание – кистозное перерождение обеих почек. Вместо почечной лоханки были пузырьки, наполненные жидкостью, как виноградные кисти».
-- Хіба энкавэдысты не ведалі, што ў Жылуновіча цяжкое хранічнае захворванне і што зняволенне толькі паскорыць ягоны сыход?
-- Вы ж ведаеце, як ставяцца да хворых арыштантаў і вязняў наступнікі энкавэдыстаў у Рэспубліцы Беларусь. А што казаць пра той час? Усё дыктавалася палітычнай мэтазгоднасцю. Мэтазгодна было фізічна знішчыць Зміцера Жылуновіча, перад гэтым дамогшыся, каб ён сам узвёў на сябе паклёп.
-- Не разумею. У 1931 годзе Зміцера Жылуновіча выключылі з бальшавіцкай партыі, ён трапіў на перавыхаванне на менскі завод імя Варашылава, ён не займаў прыкметных пасад...
-- Але ён быў беларускім пісьменнікам Цішкам Гартным. Гэта раз. Па-другое, ён быў жывым сведкам і гісторыкам. Ён напісаў шэраг прац, у якіх паказаў, як нараджалася БССР. І ягоны паказ увайшоў у супярэчнасць з афіцыйнай гістарыяграфіяй, якая з канца 1920-х пачала сцвярджаць, што ў бальшавіцкай партыі ледзь не з першага дня яе існавання меўся план стварэння БССР, што ініцыятарамі стварэння БССР былі Ленін і Сталін (чым далей, тым больш узрастала роля Сталіна). Менавіта за працы з гісторыі БССР і беларускага нацыянальнага руху і пачаўся пераслед Жылуновіча ў чэрвені 1929 года. У той час выключэнне з партыі было прэлюдыяй да выключэння з жыцця. У шырокім сэнсе гэтага слова.
-- Дзякуй за гутарку. Мажліва, да 125-годдзя з дня нараджэння Зміцера Жылуновіча (Цішку Гартнага), якое будзем адзначаць у лістападзе сёлета, з’явяцца новыя матэрыялы пра яго і мы вернемся да размовы пра гэтага выдатнага дзеяча беларускага руху.

ДАВЕДКА.

Жылуновіч Зміцер Хведаравіч (Цішка Гартны; 23.10(4.11).1887–11.04.1937). Нарадзіўся ў мястэчку Капыль Слуцкага павета Менскай губерні ў беднай сялянскай сям’і. Скончыў двухкласнае народнае вучылішча. Спрабаваў паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, але не меў пасведчання аб добранадзейнасці. Усё жыццё займаўся самаадукацыяй. Працаваў гарбаром у Капылі, Бабруйску, Магілёве ды іншых гарадах. З 1913 года фрэзероўшчык на заводзе “Вулкан” у С.-Пецярбургу.
У 1904 г. уступіў у Капыльскую арганізацыю Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Пасля рэвалюцыі 1905–1907 гг. прымыкаў да меншавіцкага крыла партыі.
Да беларускага руху далучыўся з 1908 г. У 1909 г. наведаў рэдакцыю газеты “Наша Ніва”, дзе асабіста пазнаёміўся з братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі ды іншымі дзеячамі. Працуючы ў С.-Пецярбургу, зблізіўся з гуртком студэнтаў-беларусаў, які знаходзіўся пад уплывам Браніслава Эпімаха-Шыпілы і Вацлава Іваноўскага і даў не аднаго віднага дзеяча беларускага руху. У 1916 г. выдаваў газету “Дзянніца” (выйшла 7 нумароў).
У пачатку 1917 г. уступіў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Стаў яе відным дзеячам, прадстаўніком левага крыла партыі. Сябар Беларускага нацыянальнага камітэта (сакавік-ліпень 1917 г.), потым Прэзідыума Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Удзельнік Усебеларускага з’езду. У лютым – снежні 1918 г. працаваў у Беларускім нацыянальным камісарыяце (БНК) пры народным камісрыяце нацыянальнасцей Расіі. Рэдагаваў газету БНК “Дзянніца”. У кастрычніку 1918 г. уступіў у бальшавіцую партыю.
Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай савецкай рэспублікі. З 1 студзеня па 2 лютага 1919 г. старшыня Часовага работніча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі. На пачатку лютага 1919 года на кароткі час быў арыштаваны і кінуты ў Менску ў турму. У Быў палітработнікам на Паўднёвым фронце.
У 1920-х гг. Зміцер Жылуновіч працаваў рэдактарам газеты “Савецкая Беларусь” і часопіса “Полымя”, кіраўніком Цэнтральнага архіву БССР і Дзяржаўнага выдавецтва, намеснікам народнага камісара асветы і кіраўніком Галоўмастацтва БССР. У Інстытуце беларускай культуры (ІБК), правадзейным членам якога ён быў, займаў пасаду навуковага сакратара камісіі па вывучэнні гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі. Пасля ператварэння ІБК у Акадэмію навук (канец 1928 г.) стаў акадэмікам. На працягу 1920–1931 гг. быў членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР.
З чэрвеня 1929 г. пачаўся пераслед Зм. Жылуновіча па палітычных матывах. Штуршком стала публікацыя яго артыкула “Беларускія секцыі РКП і стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі”, а таксама ўспамінаў “Дваццаць гадоў назад”, у якіх ён пазітыўна пісаў пра дзеячоў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У 1931 г. выключаны з бальшавіцкай партыі. Другі раз арыштаваны 15 лістапада 1936 г. Памёр 11 красавіка 1937 г.
Пад рознымі псеўданімамі Зм. Жылуновіч выступаў як паэт, празаік, драматург, літаратурны крытык і публіцыст. Найбольш вядомы літаратурны псеўданім – Цішка Гартны. Пісаў па-беларуску і па-расійску. Выпусціў кнігі паэзіі “Песні” (1913), “Песні працы і змагання” (1922) і “Урачыстаць” (1925), зборнікі апавяданняў “Трэскі на хвалях” (1924) і “Прысады” (1927, 1930). Аўтар рамана “Сокі цаліны” і некалькіх п’ес, зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў “Узгоркі і нізіны”. Творы Зм. Жылуновіча-гісторыка асобным выданнем не выходзілі.
Імем Зм. Жылуновіча названыя вуліцы ў Менску і Капылі. У Капылі захаваўся дом, у якім ён нарадзіўся. У Магілёве на выяўленым месцы пахавання Зм. Жылуновіча ў 1989 г. пастаўлены помнік.
Add to Memories
Share
9 красавіка

Прачытаў змешчаны на сайце Хартыі’97 тэкст Мікалая Халезіна “Откат в наклон”. Таленавіта. Асабліва пра тое, што “крамлёўскія” ставяцца да “всенародноизбранного” як да “директора ларька, приехавшего к оптовому поставщику и не имеющего средств для покупки товара”. Дасюль у мяне ў галаве круціўся вобраз сельскага старасты, які прыехаў у Нясвіж да Радзівіла...
У нейкі момант нават забароны на ўезд у Еўразвяз пачалі кепска дзейнічаць на афіцыйны Менск, раздражняць яго. Гэта той момант, калі колькасць перарасла ў якасць. Пэўна, на самым версе “вертыкалі” адчуваюць, што сярод чынавенства і ва ўладных структурах ўжо ёсць пэўны ўзровень незадаволенасці з такога стану рэчаў.
Калі ж да забаронаў на ўезд на тэрыторыю Еўразвязу дадаліся санкцыі ў дачыненні да пэўных фірмаў, гэта істотна ўскладніла становішча вярхоў. Цяпер на новыя захопы і пасадкі яны адважыцца толькі ў крайнім выпадку, бо на чарзе фірмы, з якімі звязаны Аляксандр Шакуцін ды іншыя Лукашэнкавы “кашалькі”. Яны, мабыць, таксама не ў захапленні ад санкцыяў Еўразвязу.
Еўрапейскія “гуманісты” доўга лямантавалі, што эканамічныя санкцыі ўдараць па народу, простых людзях. Простыя ж людзі як рачкавалі на дачах і сотках, так і будуць рачкаваць; як перабіваліся пенсіянеры без прыработкаў з хлеба на квас, так і будуць перабівацца.
Яшчэ на пачатку мая мінулага года не нейкі народнафронтавец і не сацыял-дэмакрат, а ліберал Яраслаў Раманчук наглядна паказаў, якая частка даходаў грамадзян забіраецца ў іх у выглядзе падаткаў і збораў (45%, каля 25 мільярдаў даляраў) і якая частка гэтае сумы ідзе на сацыяльныя мэты. Атрымліваецца такая карціна: 20% самых заможных беларусаў атрымліваюць ад 26% да 32% агульнага аб’ёму субсідый на харчаванне, жыллёва-камунальныя паслугі і транспарт, а 20% самых бедных атрымліваюць толькі 11–14%.
З таго часу нічога не памянялася. Нядаўні сход мінарытарных акцыянераў “Амкадора”, пра які шырока пісалі СМІ, яшчэ раз паказаў, наколькі багатыя ў Беларусі адарваліся ад бедных, як яны не хочуць дзяліцца прыбыткамі з беднымі. І калі спадар сп. Шакуцін трапіць пасля чарговага эмацыйнага выбуху Лукашэнкі ў спіс неўязных у ЕЗ, а фірмы, у якіх ён з’яўляецца шэфам, акцыянерам і г. д., – у чорны спіс, мінарытарныя акцыянеры “Амкадора” аніяк гэтага не адчуюць.
Не адчулі ж простыя людзі, што краіну пакінулі паслы заходне- і цэнтральнаеўрапейскіх краін. Простых людзей гэта аніяк не кранае, а не зусім простым людзям трэба, каб працавалі консульствы і консульскія аддзелы, а што няма амбсадараў –справа дзясятая. Затое адсутнасць амбасадараў хвалюе ўладу.
Відаць, высылка кагосьці з еўразвязаўскіх амбасадараў у Бруселі прадбачылася. Інакш нельга растлумачыць факт імгненнай і дружнай рэакцыі краін ЕЗ. У Менску адлікання ўсіх еўразвязаўскіх амбасадараў не чакалі.
Калі я правільна зразумеў сэнс еўразвязаўскага дэмаршу, еўрапейскія паслы вернуцца ў Менск толькі ў тым разе, калі на свабоду (хоць якая свабода ў Беларусі?) выйдуць палітзняволеныя.
Не выключана, што ў Бруселі ўлічылі досвед Вашынгтона. Вось ужо каторы год Злучаныя Штаты не маюць свайго амбасадара ў Беларусі. І што? Пры цяперашнім узроўні гаспадарчых сувязяў і культурных абменаў з нашай краінай Амерыцы дастаткова мець у Менску часовага паверанага ў справах. У Бруселі, мабыць, прыкінулі, што і краіны Еўрапейскага Звязу нічога не страцяць, калі ў Менску замест паслоў застануцца часовыя часовыя павераныя.
Мабыць, у Бруселі нарэшце зразумелі, што Еўропа патрэбная Беларусі больш, чым Беларусь Еўропе. Нарэшце зразумелі, што Менск будзе бясконца манеўраваць паміж Бруселем і Масквой, пакуль Еўропа спрабуе ўлагодзіць яго. Нават Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (партыя старшыні Еўрапарламенту Марціна Шульца) нарэшце зразумела, што да афіцыйнага Менска патрэбен іншы, чым дагэтуль, падыход.
Выезд амбасадараў балюча ўдарыў па прэстыжу чынавенскага класа. Кепска ў першы чарод пачуваюцца чыноўнікі МЗС, якія ў снах ужо бачылі сябе хто ў Лондане, хто ў Рыме, хто ў Парыжы...
Стаўка на тое, што ў лукашэнкаўска-еўрапейскі канфлікт удасца ўвязаць Расею, правалілася, што лёгка было прадказаць. Самому ж Менску пагаршаць адносіны з Еўропай далей ужо няма як. Бо далей – гэта закрыццё амбасадаў. Хіба што можна запатрабаваць скараціць штаты еўрапейскіх пасольстваў. Але ж працуе амерыканская амбасада і пасля скарачэння штатаў. Але куды ўладкаваць чыноўнікаў МЗС, якія раптам вернуцца з Еўропы?
Мы назіраем цікавую стадыю лукашэнкаўска-еўрапейскіх адносін. Гэта ўжо сапраўдны канфлікт прынцыпаў. І набыў ён небывалую вастрыню. Хто будзе мацнейшы?
profile
anatolsidarevic
Name: anatolsidarevic
calendar
Back May 2012
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
page summary
tags